СНАТВО́РНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія нармалізуюць сон (засынанне, працягласць і глыбіню). Да іх адносяцца вытворныя барбітуравай кіслаты (барбітураты) — фенабарбітал, барбаміл, барбітал, этамінал-натрый; вытворныя бензадыязэпіну — нітразепам, феназепам, сібазон, трыязалам; вытворныя піперыдзіну (напр., глютэтымід); злучэнні аліфатычнага рада (хлоралгідрат, бромізавал); вытворныя хіназалінону (напр., метаквалон); амінакіслата трыптафан і інш. У якасці С.с. выкарыстоўваюць лек. сродкі, якія знімаюць сімптомы, што парушаюць сон (напр., абязбольвальныя, спазмалітычныя, антыдэпрэсанты). С.с. актывізуюць тармазныя працэсы ў мозгу. Барбітураты парушаюць суадносіны фаз хутка- і павольнахвалевага сну, пры працяглым ужыванні выклікаюць псіхічную і фіз. залежнасць. Бензадыязэпіны менш парушаюць структуру сну.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)